Украінскі саўндпрадусар Уладзіслаў Ярун, вядомы па працы з гуртамі Океан Ельзи, Тік, Ляпіс Трубяцкі, зрабіў свой выбар сярод фіналістаў конкурсу «Заспявай.BY». Ён адмыслова прыедзе ў Менск на некалькі дзён, каб папрацаваць з пераможцам конкурсу ў студыі.
Спіс фіналістаў конкурсу для маладых беларускіх музыкаў (да 25 год), які ладзіць партал Tuzin.fm i фонд «Вяртанне» пры падтрымцы беларускага партала TUT.BY, вызначыла журы. У шорт-ліст патрапілі кампазіцыі Віталя Варанко, Лізаветы Леўчык і рэпера SP Kava. Паводле творчага задання конкурсу, удзельнікі мусілі пакласці на музыку верш беларускага сучаснага паэта.
«Усе песні фіналістаў рознапланавыя, пры гэтым адначасова ўсе цікавыя, – адзначае Ярун. – Я хацеў бы, каб у маёй працы над песняй пераможцы быў сэнс, каб я даў рады зрабіць яе яшчэ больш прыгожай. У гэтым і ёсць задача саўнпрадусара – удасканаліць класны твор. Мне прыйшліся даспадобы ўсе тры песні, дужа пекна выйшла ў кожнага, хачу абавязкова гэта падкрэсліць. Чыста прафесійна і да душы мне найбліжэй з усіх кампазіцыя ў выкананні Віталя Варанко», – кажа Ўладзіслаў.
22-гадовы спявак і баяніст Віталь Варанко, навучэнец 4-га курсу Беларускай акадэміі музыкі, для конкурсу паклаў на музыку верш «Вяртайся» аўтарства Віталя Рыжкова і запісаў у хатніх умовах дэма-вэрсію песні, якая скарыла журы ўлучна з Уладам Яруном.
«Мне вельмi спадабалася iдэя самаго конкурсу, – зазначае пераможца. – Я вельмi люблю беларускую мову, але не магу пісаць на ёй песні. Лепей будзе калi гэта зробiць прафесіянал. З творчасцю Віталя Рыжкова пазнаёміўся на партале Літрадыё. Яго паэзія мне прыйшлася даспадобы. Для песні шукаў твор з пазытыўнай ноткай і знайшоў яе ў вершы «Вяртайся». Не ведаю, ці пагадзіцца з маім бачаннем аўтар, але я адчуў гэты твор менавіта так!»
«Вельмі цікавая песня. Вядома ж, яе варта дарабіць у пляне аранжавання, я там бачу не толькі голас і баян. І зрабіць гэта даволі няпроста, трэба папрацаваць над ёй вельмі сур’ёзна, каб яна загучала яшчэ больш яскрава», – кажа Улад Ярун.
Такім чынам лаўрэатамі конкурсу «Заспявай.BY» сталі 18-гадовая Лізавета Леўчык, якая стварыла песню на верш Тацяны Сапач «Адзінота» і Юрась Касцень, 24-гадовы індзі-рэпэр з Вілейкі, у музычнай прасторы вядомы пад псеўданімам SP Kava. Ён паклаў на музыку верш Андрэя Адамовіча «Яна ведае пахі сноў».
Лаўрэаты конкурсу атрымаюць каштоўныя прызы – камплект прафесійнага студыйнага абсталявання Focusrite Scarlett Studio, у які ўваходзіць мікрафон, гукавы інтэрфэйс і маніторныя навушнікі. Пераможца конкурсу Віталь Варанко разам з запрошанымі музыкамі папрацуе разам з Уладам Яруном на мінскай студыі «Селах». Прэзентацыя фінальнай версіі песні «Вяртайся» адбудзецца на парталах Tuzin.fm і Tut.by у ліпені. Улетку таксама мяркуецца зладзіць канцэрт з удзелам усіх трох фіналістаў конкурсу «Заспявай.BY».